Metromortoids from Slow Mob by Autonomicon
Tracklist
| 3. | Metromortoids | 3:25 |
Lyrics
І гэтак, добраахвотна і нязграбна, мы тупаем уніз па эска-
латары, і між жоўтымі цьмянымі плафонамі нараджаюцца
і паміраюць нашыя цені, з барэльефаў на сценках на нас
глядзяць гранітныя жрыцы-даяркі і суворыя героі прамінулых
крывавых бойняў, яны ўжо па іншы бок каменю, але ўсё
яшчэ дужыя, і гэта зачароўвае, аднак мы не затрымліваемся,
нам трэба да алтара, мы спяшаемся паспець да імшы —
нашай самае — у самым нізе катакомбаў.
Там усё і здараецца, там усё і бывае
Мы анігадкі пра існаванне адно аднаго там, наверсе,
толькі ўнізе, толькі на дне, толькі на краі платформы, калі
вагоны пралятаюць паўз нас — толькі ў тое імгненне. Тут, на
платформе, у сэрцы нашай бажніцы, мы тут жа пазнаем адно
аднаго ў натоўпе неўтаямнічаных выпадковых, бліскавічна,
беспамылкова, не па хадзе, не ў твар, не па паху, а па веры,
нэндзе й надзеі. Не кожны з нас разумее, каго ён толькі
што пазнаў, якой крыві ён належыць, і хто ягоны брат, і хто
сястра — не ў Хрысце, а ў расхрыстанасці, не на крыжы,
а на кальцавой лініі. Мінае цягнік, а з ім імша, мы хутка
разыходзімся, мы чальцы падполля і мы не знаёмыя па-за
бажніцай.
Нас у гэтай сталіцы — цэлае падземнае племя, мы бледны
прыгожы народ, мы ордэн метрамартоідаў, і нас двойчы на
дзень — па дарозе на працу і па дарозе дамоў — спакушаюць
усе дэманы тутэйшага свету.
І гэтаксама двойчы ратуе наш бог.
На нашым гербе — наш Хрыстос — наша Ганна, наша
Карэніна. Наш татэм — пухнаты П’еро, спасцігунчык рэаль-
нага, адважны і сумленны лемінг, што грызе граніт нябыту.
Мы метрамартоіды, мы людзі, якія двойчы на дзень не
скачуць пад цягнік метро.
Прыгледзься, у тое самае імгненне, калі цягнік заязджае
на станцыю, мы там будзем.








